“Хачу абноўленай і чыстай аддаць людзям любоў сваю”
(жыццёвы і творчы шлях Аляксея Пысіна)
Яшчэ не скончана дарога
І хочаш думаць аб зямным.
Не пакідай мяне, трывога,
Будзь спадарожнікам маім.
Аляксей Пысін
Аляксей Васільевіч Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна ў сялянскай сям’і.
Дзесьці ў 1880 – 1886 гг. стары Арцём (прадзед будучага паэта) і яго сыны пераехалі ў Магілёўскую губерню на “купчыя землі”. За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельнай ашчаднай касе, купілі ў пана зямлю. Перад гэтым жылі яны дзесьці каля Навазыбкава, цяперашняй Бранскай вобласці.
Дзед, Пётр Пысін, пасяліўся ў заснаванай перасяленцамі вёсцы Высокі Барок. Свайго дзеда Аляксей Васільевіч добра памятаў, яны сябравалі. Ён “дазволіў” малому Алёшу сунуць палец пад нож саламарэзкі і распілаваць ногаць на вялікім пальцы так, што знак застаўся на ўсё жыццё. У другі раз “дазволіў” з галавой баўтануцца ў сажалку, каля якой ставіў агароджу. Утапіцца, праўда, не дазволіў, выцягнуў. Так дзед адкрываў унуку суровую школу жыцця.
Бацька, Васіль Пысін, і маці, Хрысціна (у дзявоцтве Вяржбіцкая, з суседняй вёскі Мануйлы), займаліся сельскай гаспадаркай. Дзеда па лініі маці А. Пысін не памятаў. Ведаў толькі, што Вяржбіцкія з вёскі Палессе (цяпер гэта Гомельшчына).
Дзіцячыя гады будучага паэта праходзілі гэтак жа, як і ў яго аднагодкаў, вясковых хлапчукоў. Аб гэтым можна прачытаць у шматлікіх вершах розных гадоў: “Сок бяроз і начлежны дымок…” (1957), “Маленств. Пыл ганялі крэглямі…” (1960), “Варажская балада” (1965), “Балада пра лапухі” (1966) і інш. Так, у вершы “Сок бяроз і начлежны дымок…” паэт з замілаваннем успамінае:
Сок бяроз і начлежны дымок…
Ногі ў цыпках і чыстыя душы.
Мы любілі суседскіх дачок
І суседскія яблыкі, грушы.
Вёска стала для А. Пысіна “Вялікім народным Універсітэтам з факультэтамі роднай мовы, народнай песні і народнага жыцця” (А. Пысін). Ён слухаў беларускія песні, казкі, што расказвала дзецям суседка Кацучыха. Многія з гэтых самабытных твораў “як шматсерыйны тэлевізійны фільм, з працягам на наступны вечар” (А. Пысін).
Доўгімі зімовымі вечарамі аднавяскоўцы звычайна збіраліся ў хаце Васіля Пятровіча, бацькі будучага паэта, каб абмеркаваць навіны. Дымілі цыгаркі, уголас чыталі. З маленства да А. Пысіна прыйшлі творы М. Лермантава і Т. Шаўчэнкі, са школьных чытанак – Я. Купала, Я. Колас, А. Гурло, М. Чарот.
Відаць, найбольшы ўплыў на абуджэнне цягі да пяра аказаў зямляк А. Пысіна Пятрусь Бядулін, які нарадзіўся і рос у вёсцы Дзернавая Краснапольскага раёна (загінуў на фінскім фронце). Імя яго, тады вучня вясковай сямігодкі, які друкаваўся ў сталічных выданнях, было авеяна легендамі:
Быў ён першы вядомы паэт
У сваім Краснапольскім раёне.
(Я радкі падбіраю сягоння,
Як абрыўкі забытых газет).
Ён за партай сядзеў у лапцях,
А ў чытанцы, у школьнай святліцы –
Верш яго, што вярнуўся з сталіцы,
І цяпер нібы ў хлопца ў гасцях.
Па прыкладу земляка А. Пысін, таксама вучань сямігодкі, рабіў першыя спробы пяра, стаў актыўным селькорам краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. У рэдакцыю гэтай газеты ён прынёс свой першы верш і пачуў не зусім станоўчую ацэнку П. Бядуліна. Аднак пісаць не перастаў.
Вучыўся А. Пысін у Палужскай сярэдняй школе, якая знаходзілася за восем кіламетраў ад роднай вёскі Высокі Барок. Школьныя гады паэт згадваў у вершы “Палёт”:
А я за восем кіламетраў,
Ажно за восем тысяч метраў
У школу з хлопцамі хадзіў.
Пасля заканчэння школы, у 1937 г., А. Пысіна, як актыўнага селькора, накіравалі на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава. У вераснёўскія дні 1939 г. яго, студэнта другога курса, накіравалі на працу ў бельскую (г. Бельск на Беласточчыне) павятовую, затым раённую газету, дзе ён працаваў літработнікам да 22 чэрвеня 1941 г.
Пачалася Вялікая Айчыннай вайна. Спачатку было адступленне да Гомеля, затым эвакуацыя на Урал у запасны полк. Пасля палкавой школы дарога зноў павяла А. Пысіна на захад, на пярэдні край. У гады вайны А. Пысін – сувязны, яго задача – забяспечваць бесперабойную сувязь пярэдняга краю з камандаваннем. Пад агнём, пад абстрэлам пракладвалі лінію сувязі і самі яе абслугоўвалі. А. Пысін удзельнічаў у многіх баях. Праўда, вялікія гарады браць не давялося. Кожны раз гэта былі баі за вёску, за вышыню, за сопку – пад Калінінам, Вялікімі Лукамі, Полацкам, Віцебскам, у Эстоніі, Латвіі, Літве. Двойчы быў паранены. Узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Дзень Перамогі А. Пысін сустрэў у Латвіі. Дэмабілізаваўся на пачатку 1946 г. Працаваў сакратаром краснапольскай, затым рэдактарам чэрыкаўскай раённых газет, рэдактарам газеты (палітаддзела) Свержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна. З 1958 г., пасля заканчэння Вышэйшых літаратурных курсаў, жыў у Магілёве, працаваў журналістам у “Магілёўскай праўдзе”, у апошнія гады жыцця (1973 - 1981) – сакратар Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першы зборнік “Наш дзень” выйшаў у 1951 г., у 1959 з’явіўся зборнік “Сіні ранак”, затым былі зборнікі “Сонечная паводка” (1962), “Мае мерыдыяны” (1965), “Твае далоні” (1967), “Пойма” (выбранае, 1968), “Да людзей ідучы” (1972), “Вярбовы мост” (1974), “Ёсць на свеце мой алень” (1978), “Палёт” (1982), “Яшчэ не скончана дарога” (1983).
А. Пысін належыць да франтавога пакалення пісьменнікаў (М. Аўрамчык, А. Вялюгін, К. Кірэенка і інш.). Біяграфія паэта-франтавіка ярка выявілася ў вершах. Праз усю творчасць праходзіць матыў памяці, “пабрацімства мёртвых і жывых”. У адлюстраванні вайны А. Пысін чымсьці блізкі да В. Быкава. Як для паэта, так і для празаіка, характэрнае ўзнаўленне падзей і абставін ваеннага часу, асвятленне іх маральнага і духоўнага сэнсу. А. Пысін раскрывае ўнутраны свет былога воіна, які вярнуўся да мірнай працы, але пастаянна занава перажывае, крытычна пераасэнсоўвае тое, чаму быў сведкам у абпаленай ваеннымі пажарамі маладосці:
Маладосць мая, навошта ценем
Так нясмела ходзіш ты за мной?
“Кожны мой верш, - сведчыў А. Пысін у лісце ад 7 студзеня 1971 г. – мае біяграфію, нічога няма “выдуманага”. Прозвішчы, якія ў вершах пра вайну, сапраўдныя”. Там, дзе няма прозвішчаў, адчуваецца прывязка да канкрэтных мясцінаў. Так, у вершы “Іван-чай” згадваюцца эпізоды ваенных баталій на Смаленшчыне:
Тройчы адбівалі вёску Буду,
Тройчы паміралі за яе.
Ідэя “пабрацімства мёртвых і жывых” рэалізуецца праз дыялог лірычнага героя, “жывога”, з баявымі сябрамі, “Аляксеямі, Віктарамі, Іванамі”, што навек паляглі на полі бою, дзе кожная травінка, кожная кветачка абуджае згадкі мінулага, якое мае па-сапраўднаму магічную ўладу над паэтам:
Узышлі травой і гарыцветам,
Узышлі на радасць ці жальбу?
Вунь Іван стаіць па-над кюветам,
Галавой ківае: “Вось жыву.
Не здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;
Восем куль было – крывёю сцёк.
Скора восень. Каркаюць вароны.
Жоўты каля ног маіх пясок”.
Значнае месца ў паэзіі А. Пысіна займае філасофская лірыка. Паэтычная канцэпцыя Пысіна – сістэма ідэй, непарыўна звязаная з народнымі ўяўленнямі аб жыцці, аб лёсе. Філасофскі пачатак заключаны не ў навуковай тэрміналогіі, а ў глыбіні пранікнення ў складаны свет чалавека, у культуры і маштабнасці мыслення. У А. Пысіна цяжка адшукаць вершы спецыяльна і наўмысна інтэлектуальныя, але тым не менш ён інтэлектуальны, таму што дае эмацыянальныя адказы на навуковыя пытанні, праблемы, з плоскасці бытавой і псіхалагічнай выводзіць вобразы ў плоскасць філасофскую. Так, паэт выношвае ідэю духоўнай узаемасувязі ўсіх з’яў і істот, мёртвых і жывых, думку аб вечным і несканчоным тварэнні існага. Сучасніку, які робіць шпакоўню, вулей, ён заяўляе: “Мяркуй, што робіш для душы”. Чаму? Ды таму, што “падобны ў чымсці на пчалу і птушку, ты б мог прыйсці ў свет птушкаю, пчалой…”.
Як грамадзянскі абавязак успрымаецца штодзённая патрэба жыць і працаваць з высокай годнасцю, помніць продкаў і дбаць аб нашчадках. Настойліва сцвярджаецца неабходнасць гуманнасці да ўсяго навакольнага:
Штосьці свойскае і штось людское
Ў гэтых дрэў, каменняў і жывёл.
Патрабаванні гуманнасці паэт прад’яўляе найперш самому сабе, і вельмі высокія. Заяўленыя гуманістычныя памкненні – не пустая дэкларацыя, яны вымагаюць высокай маральнасці.
Добрай чалавечнасці галінка
Ў кожным слове хоча вырастаць.
Дабрата – адна цэнтральных маральных катэгорый мыслення паэта. Пропаведзь дабраты прысутнічае ў размове з сучаснікам, у звароце да маці, дачкі, землякоў, у вершах пра дзяцінства, каханне, пра вясковых цётак і дзядзькоў, дзядоў і бабулек, якія прыйшлі ў паэзію А. Пысіна непасрэдна з жыцця, узятыя, як ёсць, з натуры (“Дарагія сябры і суседзі…”, “Вось дарога…”, “Плач дзіцяці…”, “Жанчыны…”, “Знаёмы дзядзькаў двор…”, “Варачка”).
А. Пысін ніколі не заставаўся па-за межамі значных грамадскіх праблем, пагэтаму ў яго лірыцы важнае месца займае грамадзянская лірыка. Яшчэ на пачатку 70-х гг. паэт разважаў над актуальнымі тагачаснымі праблемамі, якія, на жаль, і зараз застаюцца нявырашанымі. Гэта найперш праблемы экалагічныя, нацыянальныя і працэс вымірання вёскі. Тэма браканьерства востра прагучала ў вершы “Ёсць на свеце мой алень”. У сімвалічным вобразе аленя спалучаюцца дабрата, спагада і людская жорсткасць, амаральнасць:
Дайце жыць майму аленю
Пад галінкай дабраты.
У сувязі з вастрынёй нацыянальнай праблемы, занядбанасцю роднай мовы, культуры на пачатку ХХІ ст. асабліва ўзрастае важнасць такіх вершаў, як “Дала мне маці гэту мову…” і “Магілёўская гаворка”. Родная мова да кожнага прыходзіць з калыханкай маці “як спадчына і запавет”, як вынік спрадвечнага вопытку людскіх пакаленняў:
Была яна не беларучкай
І на жніве і на сяўбе.
На глебе добрай беларускай
Здабыты словы ўсе яе.
У звароце да дачкі паэт даваў наказ не забываць, шанаваць мову продкаў, беражліва ставіцца да яе здабыткаў:
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях і святочным днём
Не пакідай яе ў парозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.
Значнае месца ў творчасці А. Пысіна займае жанр паэмы. У створаных паэтам паэмах – “Жураўліны бераг” (1964), “Белы камень” (1965), “Кара” (1966) – абавязкова прысутнічае голас памяці, у аснове іх – рэальныя падзеі і факты. Так, паэма “Белы камень”, створаная на аснове біяграфічнага факта, узнаўляе эпізод, калі паранены салдат-беларус пасля шпіталя прыязджае па пуцёўцы ваенкамата ў татарскі аул адпачыць і падмацаваць сілы. Там, на беразе ракі Сакмары, ён па –сапраўднаму адчуў дружбу беларускага і татарскага народаў, клапатлівыя і прыязныя адносіны да сябе. Моцна пасябраваў з Ніязам, у доме якога жыў, і яго пляменніцай Бібінур, чые прозвішчы аўтар захаваў без змены, у канкрэтным, жыццёвым гучанні. Глыбіня трагізму перажытага на фронце цяжарам лягла на душу героя. Паэма пачынаецца са з’яўлення салдата ў спякотны дзень на беразе ракі Сакмары. У час купання, аслабелы, ледзь не патануў, не хапала сілы выбрацца на бераг. Яго маналог на вуліцы аула, куды ступіў упершыню, сведчыць пра крайнюю абвостранасць пачуццяў і найвышэйшую эмацыйную ўзрушанасць. Балюча вярэдзяць душу жалоба, галашэнне, неапраўднае пачуццё віны:
Пячэ мне вуліца падэшвы,
Пячэ мне вуліца душу:
“Я па забітых галашу.
Адзін, адзін адтуль ідзеш ты”.
Даруй, аул, даруй, дарога,
Стэп палявы, стэп тылавы,
Не дакарайце сёння строга,
Што я жывы, яшчэ жывы.
Лірычны герой звяртаецца да канкрэтных суразмоўцаў – дарогі, аула, стэпу, надзеленых анімістычнымі рысамі. Рэальнасць спалучаецца з містыфікацыяй. Хлопец не асмельваецца глянуць у вочы Бібінур, да якой ставіцца з вялікай сімпатыяй. Яму здаецца, што ў яго вачах яна ўбачыць цені тых, што загінулі на вайне:
Яна жахнецца ў зняменні,
Яна збянтэжыцца на міг,
Убачыўшы нямыя цені
Сяброў маіх, сяброў маіх.
Сярод шчырых і добрых людзей, на беразе Сакмары, беларускаму юнаку пастаянна мрояцца хвалі Дняпра, прасторы роднай Беларусі, знявечанай акупантамі:
Няма куды пісаць мне пісем;
Ў агні і дыме адрасы.
У паэме “Жураўліны бераг” у цэнтры ўвагі А. Пысіна людзі калгаснай вёскі, іх праблемы, жыццё, канфлікты. Напісана паэма пад уражаннем сустрэч з канкрэтнымі людзьмі ў час творчых камандзіровак.
Дзівосны, шматфарбны свет адкрываецца на старонках кніг А. Пысіна, прысвечаных маленькім чытачам: “Матылёчкі-матылі” (1962), “Вясёлка над плёсам” (1964), у паэмах “Кавылёк” (1966), “Дзяўчынка Марыям” (1970). Лепшыя творы для дзяцей сабраны ў кнігах “Вярбовы мост” (1974), “Колькі сонцаў” (1979), “Яшчэ не скончана дарога…” (1983).
Зборнікі паэзіі А. Пысіна неаднаразова выдаваліся на рускай мове “Эхо” (1960), “Миллион адресов” (1965), “Меридианы” (1968), “Корабельные сосны” (1969), “Вербный мост” (1975).
Спевакам, артыстам мастацкай самадзейнасці прысвечана кніга нарысаў “Бярозка ля кожных варот” (1972).
За заслугі ў развіцці беларускай літаратуры і грамадскую работу, у сувязі з 60-годдзем А. Пысіну было прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка культуры Беларусі.
Памёр 27 жніўня 1981 г. у Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках па вул. Лазарэнкі.
Імя А. Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны і прысвечаны яму музей. У Магілёве на праспекце Міра, на доме 35а, дзе жыў паэт, усталявана мэмарыяльная дошка.
Паэт не на шмат перажыў сваё 60-годдзе. Ён, поўны творчай энергіі, мог бы стварыць яшчэ шмат цудоўных радкоў. На жаль, хворае сэрца не вытрымала перагрузак творчых і жыццёвых клопатаў. Лепшыя яго творы, не падуладныя часу, склалі гонар беларускай літаратуры. Як запавет і наказ нашчадкам гучаць радкі А. Пысіна, сагрэтыя любоўю да людзей:
Пойдзем не ад людзей – да людзей.
Мы радкі пакідаем жывымі,
І паслужаць яны сувязнымі
Нашых дум і сумленных надзей.
Творчасць паэта, шчырыя усхваляваныя радкі назаўсёды засталіся з прыхільнікамі яго таленту, сталіся сведчаннем грамадзянскасці, сапраўднай сумленнасці і высокай нацыянальнай годнасці аўтара.
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы кнігі Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, т. 4, с. 211 – 236.
Спадчына і запавет
(водгук на верш Аляксея Пысіна "Дала мне маці гэту мову..." вучаніцы 11 класа Спірыдонавай Марыі)
Мова – гэта наша спадчына, гісторыя, тое, што аб’ядноўвае людзей у адзінае цэлае. Мова дае нам цудоўную магчымасць радавацца і смяяцца, выказваць самыя разнастайныя думкі і пачуцці. Як жа добра, што ў нас ёсць свая яркая, вобразная, прыгожая, пявучая, чароўная беларуская мова. Менавіта роднай мове прысвяціў А. Пысін верш “Дала мне маці гэту мову…”.
Калі ўпершыню прачытала гэты верш, то адчула злітнасць лірычнага героя з мовай, са сваім народам. Таксама ў душы ўзнікла пачуццё адказнасці перад самім сабой, перад сваім народам за беражлівыя адносіны да роднай мовы.
Чытаеш верш і адчуваеш, што паэт уклаў усю душу і сэрца ў гэтыя шаснаццаць радкоў, каб перадаць прыгажосць роднай мовы, каб указаць на яе вытокі, каб данесці да маладога пакалення сваё запаветнае жаданне-наказ – не пакідаць роднай мовы.
А. Пысін прысвячае верш тэме роднай мовы. Тэма гэтая не новая ў беларускай паэзіі. Цяжка знайсці паэта, які б не звяртаўся да яе. Аднак кожны з паэтаў па-свойму раскрывае тэму роднай мовы, знаходзіць нешта сваё, прыкмячае такія рысы, якія да яго ніхто не заўважаў. Якая ж яна, родная мова, для лірычнага героя верша “Дала мне маці гэту мову…”?
Родная мова прыходзіць да нас ад маці. Нездарма ў першай страфе аўтар два разы паўтарае радок “Дала мне маці гэту мову…”. Маці – гэта самы блізкі для нас чалавек, значыць, і родная мова для чалавека – самае дарагое ў жыцці.
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.
Спадчына – тое, што пераходзіць з пакалення ў пакаленне, наша мінулае, гісторыя. Беларуская мова – гэта мова, якая адкрыта не зараз, не ў ХХ стагоддзі, а мае доўгую і багатую гісторыю. Беларускія словы – гэта словы, якія здабыты “на глебе добрай беларускай”, гэта словы, якія прыйшлі да нас разам з працай народа:
Была яна не беларучкай
І на жніве, і на сяўбе.
Гэта словы, якія ўвабралі ў сябе ўсю прыгажосць нашай прыроды:
Прапахлі сонцам і падзолам,
Дажджамі, сокамі раслін.
Усё гэта робіць нашу мову такой яркай, вобразнай, маляўнічай. Немагчыма не захапляцца такой мовай і такім народам. Немагчыма, каб такая прыгажосць знікла. І пагэтаму апошняя страфа верша, напісаная ў фолрме зварота маці да сваёй дачкі, перадае запаветнае жаданне лірычнага героя і, як мне здаецца, самога А. Пысіна – захаваць родную мову, зберагчы яе для нашчадкаў.
Дачка мая! У жыццёвай прозе
У буднях і святочным днём
Не пакідай яе ў парозе,
Калі ў нечы ўвойдзеш дом.
Вобразы маці і дачкі ў вершы сімвалізуюць бацькоў і дзяцей, мінулае пакаленне і сучаснае. І гэты зварот – гэта наказ маладому пакаленню. Давайце ж берагчы сваю беларускую мову, бо гэта наш скарб, здабыты продкамі ў цяжкай працы, цеплыня душы, перададзеная нам ад маці.