Каханы Роў
Ёсць гарадок паміж бароў,
А ў ім нябачны з берагоў
I кручаў Сожа, быццам схоў, —
Каханы Роў.
З былых часоў, з былых вякоў
Таіў і шанаваў любоў,
На шлюбны ложак юных вёў
Каханы Роў.
Святло чаромхавых кастроў
Сышло з падземных вапнякоў.
I вабіць зноў і кліча зноў
Каханы Роў.
Спытайце нават салаўёў,
Спытайце нават матылёў,
Што трэба ім? Адказ без слоў:
— Каханы Роў.
He прыглядайся да зямлі,
Да тых слядоў, што тут ляглі, —
Пакуты й смерць таксама йшлі
Ў Каханы Роў.
Святло чаромхавых кастроў
Сышло з падземных вапнякоў.
I вабіць зноў, і кліча зноў
Каханы Роў.
НЯМЫЯ
Тлумачыць можна нават кіем,
Тлумачыць можна і мятлою.
Нямыя размаўляюць ківам,
Вясёлых пальцаў мітульгою.
Нямыя моўчкі размаўляюць,
Нямую мову разумеюць.
Нямыя толькі не спяваюць,
Бо пець без голасу не ўмеюць.
Але ж вядуць свой спеў алені
I сінягубыя дэльфіны.
Мы ўчора толькі зразумелі,
Што адчуваюць нас расліны.
Гавораць не нямыя рукі,
I радасць, і журбу узносяць.
Мелодыя — не толькі гукі, —
Узлёт жыцця на светлай ноце.
Нямыя бачаць, заўважаюць
Спеў зорачкі ў пару начную.
Нямыя крыламі спяваюць,
Таму, на жаль, мы іх не чуем.
Свет гулкай цішынёй напяты,
I пахнуць зоры цішынёю.
Нямыя — гэта немаўляты
З дзіцячай чыстаю душою.
1976
* * *
Па-над горадам у сіняве
Лета бабіна без павуціны.
Прылятаюць осы да мяне —
Жоўтыя, зялёныя пункціры.
Прылятаюць осы на балкон,
Тонкія падгалістыя осы.
А балкон — жалеза і бетон,
Дзе той горкі мёд і меданосы!
Асыпалі яблыні на дол
Белую парошу трапяткую.
Ды не бачыў я вясною пчол,
I хоць ос я сёння пашкадую.
Не, не снілася і каралю
Чаяпіцце вось такое — сподкі
На балкон выношу і кармлю,
I частую ос усім салодкім.
Чынш людской прыязнасці аддам
Усяму, што ў лесе, полі, лузе,
Бо таго не ведаю я сам,
Чым яшчэ на гэты свет з'яўлюся...
Па-над горадам у сіняве
Лета бабіна без павуціны.
Осы, осы, осы — да мяне, —
Жоўтыя, зялёныя пункціры.
1972
ПРЫЦЯГНЕННЕ
Мог я, мог калісьці нават лётаць,
Падымала не крыло:
На душы ў мяне было так лёгка,
Так бязвоблачна было.
I сябрамі да мяне ляцелі
Птахі, пчолы, матылі...
Сёння і душа мая і цела
Пад уладаю зямлі.
Не дагнаць і не спыніць імгненне,
Што ляціць, як вецярок.
Адчуваю сілу прыцягнення,
Ўсё цішэй, цішэй мой крок.
Прыцягненне — гэта далучэнне
Лёсаў нечых і трывог,
Засяленне светам, напаўненне
Тым, што зведаў і збярог.
Ну, а што яшчэ не адпускае
Ад зямнога рубяжа?..
Хай жа верыцца, што не пустая,
Не глухая ты, душа.
1974